Эпоха Рамантызму
Што: Рамантызм
Калі: канец XVIII і першая палова XIX стагоддзяў
Да: Асветніцтва
Пасля: Рэалізм

Гістарычны фон, або некалькі слоў пра эпоху Асветніцтва
Эпоха Асветніцтва, якая была перад Рамантызмам, займала перыяд канца XVII і ўсё XVIII стагоддзе. Іншая назва гэтага перыяду — Age of Reason \\ Эпоха Розуму. І ўяўляў ён сабой інтэлектуальна-філасофскі рух развіцця чалавецтва, на працягу якога ўсхваляліся розум і інтэлект чалавека, рацыяналізм і свабодамыснасць. Большасць мысліцеляў таго часу спрыялі распаўсюджванню адукацыі сярод усіх слаёў грамадства, нават сярод тых, якія раней не былі ўцягнуты ў навуку.
Асноўнымі асаблівасцямі таго часу былі імкненне да ведаў, каштоўнасць чалавечага жыцця і шчасця, прыроднае права, прагрэс, свабода, братэрства, канстытуцыйны лад, аддзяленне царквы ад дзяржавы.
Філосафы, чые працы паўплывалі на развіццё эпохі Асветніцтва: Фрэнсіс Бэкан і Рэнэ Дэкарт.
Галоўныя дзеячы Асветніцтва: Чэзарэ Бекарыя (Cesare Beccaria), Дэні Дзідро, Давід Юм, Імануіл Кант, Готфрыд Лейбніц, Джон Лок, Шарль Луі дэ Мантэск’ё, Жан-Жак Русо, Адам Сміт, Гуга Гроцый і Вальтэр.

У кантэксце эпохі Рамантызму важна надаць больш увагі французскаму філосафу Жан-Жаку Русо. Нягледзячы на тое, што ён дзеяч эпохі Асветніцтва, яго філасофія шмат у чым паспрыяла пераходу да эпохі Рамантызму, бо менавіта ён заўважыў разбуральны ўплыў свайго часу на мараль чалавека. Ён настойваў на неабходнасці свабодна паказваць свае эмоцыі і пачуцці, а не ветліва стрымліваць іх у сяброўстве і каханні; звяртаў увагу грамадства на прыгажосць прыроды, на яе таямнічасць; верыў, што маральнаму развіццю чалавека спрыяюць моцныя пачуцці; увёў ідэю, што свабоднае выяўленне творчага духу больш каштоўнае, чым простае прытрымліванне правіл і традыцый.
Асаблівасці Рамантызму
Рамантызм уяўляе сабой рух мастацтва, літаратуры, музыкі і філасофскай думкі, для якога характэрна адмова ад прынцыпаў парадку, спакою, гармоніі, ураўнаважанасці і рацыянальнасці, што было тыповымі характарыстыкамі эпохі Асветніцтва. Такім чынам, Рамантызм, у пэўнай ступені, можна лічыць рэакцыяй супраць Асветніцтва.
Рамантызм падкрэсліваў індывідуальнае, ірацыянальнае, асабістае і эмацыянальнае. Да характэрных для таго часу ідэй адносяцца: адмова ад рэальнасці; грунтоўнае разуменне прыгажосці прыроды; перавага пачуццяў над розумам і інтэлектам; зварот да сябе і дасканалае вывучэнне чалавечай асобы, яе пачуццяў, эмоцый, настрою; засяроджанне на ўнутранай барацьбе чалавека (галоўныя героі часта былі аўтсайдарамі, ізгоямі або мяцежнікамі); новы погляд на мастака, творчы шлях і самавыяўленне якога становіцца больш важным, чым строгае прытрымліванне правіл; цікавасць да нацыянальна-этнічных вытокаў культуры; зварот да эпохі Сярэднявечча (і да мінулага ў цэлым, што паспрыяла стварэнню гістарычнага раману) з яе схільнасцю да таямнічага, акультнага, жахлівага, аддаленага і нават сатанінскага.
Найбольшы ўплыў гэты перыяд аказаў на выяўленчае мастацтва, музыку, літаратуру, адукацыю, сацыяльныя і прыродазнаўчыя навукі, а таксама на палітыку: філасофская думка рамантызму паспрыяла развіццю кансерватызму, лібералізму, радыкалізму і нацыяналізму.
Краіны
Германія
Лічыцца, што зараджэнне Рамантызму адбылося ў Германіі (канец 1760-х — пачатак 1780-х гадоў) праз асаблівы рух у літаратуры і музыцы — Sturm und Drang \\ Бура і націск, які супрацьпастаўляў сябе эпосе Асветніцтва. Перыяд названы ў гонар аднайменнай п’есы Фрыдрыха Максіміліяна фон Клінгера, якая ўпершыню была пастаўлена ў 1777 годзе.

Адным з самых вядомых прадстаўнікоў таго часу быў Іаган Вольфганг Гётэ з эпісталярным раманам \ раман у лістах \\ epistolary novel «Пакуты маладога Вертэра» (1774), які адразу стаў бестселерам. Вялікая колькасць маладых людзей пачала пераймаць рысы характару галоўнага героя, што выклікала вялікую хвалю самагубстваў па ўсёй Еўропе і пасля атрымала назву “эфект Вертэра”. Гэты “эфект” быў такі моцны, што ў некаторых краінах пачалі забараняць распаўсюджванне кнігі.
Адметнымі рысамі нямецкага Рамантызму з’яўляюцца міфы, падарожжы і прырода. У мастацтве ёсць нават паняцце German Forest \\ Нямецкі лес, якое выкарыстоўваецца для апісання ідылічнага пейзажу ў нямецкай літаратуры на пачатку XIX стагоддзя. Многія казкі былі натхнёныя нямецкімі лясамі, напрыклад, творы братоў Грым і Ёгана Готфрыда Гердэра. Такія музыкі, як Іаганес Брамс, Рыхард Вагнер і Франц Шуберт, таксама пісалі творы пра нямецкія лясы.
Вялікабрытанія
Кажучы пра літаратуру Рамантызму на англійскай мове, трэба паведаміць пра адносна невялікі перыяд з назвай Pre-Romanticism, які займаў прыкладна 1740–1790 гады і прадвясціў Рамантызм.
Галоўным сярод тэндэнцый гэтага перыяду быў паварот ад велічы, строгасці і высакароднасці да больш простых, шчырых, таямнічых пачуццяў, што ўключала могілкавую школу \\ graveyard school \ Graveyard Poets англійскай паэзіі 1740-х гадоў з меланхалічнымі ўспамінамі страты і смерці; сентыментальныя раманы \\ sentimental novel \ novel of sensibility 1760-х гадоў з акцэнтам на эмоцыі і глыбокі водгук на прыродную прыгажосць і творы мастацтва; з’яўленне англійскага гатычнага рамана \\ Gothic novel; збор і захаванне народных казак і балад. Дзесьці ў 1790-х гадах Pre-Romanticism быў выцеснены Рамантызмам.
Галоўнымі прадстаўнікамі англійскай паэзіі часу Pre-Romanticism былі Роберт Бёрнс (шатландскі паэт) і Уільям Блэйк (англійскі паэт). Апошняга часта лічаць заснавальнікам ангельскага Рамантызму.
Англійская паэзія часу Рамантызму была прадстаўлена трыма дастаткова рознымі (у тэмах і поглядах) групамі пісьменнікаў:
· рэвалюцыйныя паэты:
Джордж Байран (англійскі паэт), Персі Біш Шэлі (англійскі паэт, пісьменнік, драматург, эсэіст);
· кансерватыўныя паэты:
Lake poets or Lakers \\ Азёрная школа — Уільям Уордсварт (англійскі паэт), Сэмюэл Тэйлар Колрыдж (англійскі паэт і філосаф), Роберт Саўці (англійскі паэт);
· прамежкавая група:
Джон Кітс (англійскі паэт), Чарлз Лэм (англійскі паэт), Вальтэр Скот (шатландскі празаік і паэт).

Таксама ў англійскай літаратуры часу Рамантызму працягнуў развівацца гатычны раман, які з’явіўся яшчэ ў час Pre-Romanticism. Вядомай прадстаўніцай гэтага жанру стала Мэры Шэлі (1797–1851) з раманам «Франкенштэйн» (1818).
У пачатку XIX стагоддзя са з’яўленнем новых твораў Рамантызму таксама былі раманы, якія працягвалі традыцыі рэалістычных раманаў эпохі Асветніцтва. Самай вядомай прадстаўніцай гэтага перыяду была Джэйн Осцін (1775–1817), якую лічаць прадвесніцай эпохі Рэалізму. Яе творы крытыкуюць сентыментальныя раманы і з’яўляюцца часткай пераходу да Рэалізму XIXстагоддзя.
Тут яшчэ трэба згадаць сясцёр Бронтэ, якія, хаця і адносяцца да наступнай эпохі, пісалі пад вялікім уплывам Рамантызму.
Францыя
Нягледзячы на тое, што Французская рэвалюцыя (1789–1799) шмат у чым служыла натхненнем для эпохі Рамантызму, натхняла яна больш замежных пісьменнікаў, чым тых, хто адчуў рэвалюцыю на ўласным вопыце, таму ў літаратуру Францыі Рамантызм прыйшоў значна пазней, чым у іншыя краіны Еўропы. Больш за тое, пасля рэвалюцыі арыстакратыя страціла значную частку сваёй эканамічнай і палітычнай улады, таму вышэйшыя класы пачалі лічыцца грубай і матэрыялістычнай буржуазіяй, што знайшло водгук у французскай літаратуры XIX стагоддзя. Пісьменнікі таго часу пачалі крытыкаваць норавы новых вышэйшых класаў. Для іх Ancien Régime — час да рэвалюцыі — пачаў асацыіравацца з вытанчанасцю, а рэвалюцыя і звязаныя з ёй змены — з грубай сучаснасцю.
Праз гэту турбулентнасць літаратуру Рамантызму ў Францыі трэба разглядаць перыядамі:
Le Préromantisme \\ Pre-Romanticism (1750–1800)
Расказваючы пра гэты перыяд, спачатку трэба згадаць такую падзею, як Querelle des Anciens et des Modernes \\ Спрэчка пра старажытныя і новыя. Такую назву мела палеміка ў Французскай акадэміі канца XVII стагоддзя пра літаратуру і мастацтва антычнасці і сучаснасці. Галоўнымі прадстаўнікамі двух супрацьлеглых бакоў былі Шарль Перо (адстойваў сучаснасць) і Нікала Буало-Дэпрэо (абараняў антычнасць). Нягледзячы на тое, што зараджэнне канфлікту пачалося яшчэ ў 1650-я гады, афіцыйнае перамір’е адбылося толькі ў 1694 годзе. Такі доўгі час пастаянных дыскусій і спрэчак паўплываў на пераасэнсаванне антычнасці і класіцызму, што паступова пачало адварочваць ад іх мастацтва і літаратуру.
Працэс гэтага адварочвання ў французскай літаратуры займаў адносна доўгі перыяд, на працягу якога больш чыталі і абмяркоўвалі замежных пісьменнікаў, пакуль не з’явіўся філосаф Жан-Жак Русо, які хоць і быў дзеячам эпохі Асветніцтва, моцна паўплываў на прыход Рамантызму і стаў прадвеснікам Французскай рэвалюцыі, пасля якой, на літаратурны жаль, прыйшоў час улады Напалеона I Банапарта, які ўспрымаў літаратуру як яшчэ адзін інструмент прапаганды.
І пакуль Францыя была ўцягнутая ў рэвалюцыйны рух і рэжым Напалеона, Рамантызм распаўсюджваўся па іншым краінам Еўропы: Гётэ і Шылер змянялі літаратуру Германіі, Байран — літаратуру Англіі.
Chateaubriand et Germaine de Staël \\ Шатабрыян і Мадам дэ Сталь (1800–1820)

Першай вядомай фігурай французскай літаратуры часу Рамантызму быў Франсуа Рэнэ дэ Шатабрыян (1768–1848), арыстакрат, які падчас рэвалюцыі некаторы час выступаў на баку каралеўскіх войск, дзе быў ранены, пасля чаго эмігрыраваў у Лондан. Падчас знаходжання ў Вялікабрытаніі Шатабрыян пазнаёміўся з англійскай літаратурай, якая моцна паўплывала на яго ўласную літаратурную творчасць.
Важнымі для эпохі Рамантызму лічацца яго творы «Atala, ou Les Amours de Deux Sauvages dans le Desert» (1801), «René» (1802), «Génie du christianisme \\ Геній хрысціянства» (1802), «Les Martyrs» (1809), апісанне прыроды і аналіз пачуццяў у якіх зрабілі Шатабрыяна ўзорам для наступнага пакалення пісьменнікаў не толькі ў Францыі, але і за мяжой. Так, напрыклад, Джордж Байран, англійскі паэт, быў моцна ўражаны «René», а Віктор Гюго ў маладосці пазначыў у нататніку: «Je veux être Chateaubriand ou rien \\ Я хачу быць Шатабрыянам або нічым».
Больш за тое, яго творчасць і філасофія паспрыялі аднаўленню паэзіі (з’явіліся выдатныя паэты-лірыкі) і вывучэнню гісторыі, а таксама паўплывалі на працэс крытыкі: яна больш не заключалася ў выяўленні недахопаў і заган, а была накіравана на тое, каб зразумець прыгажосць.

Яшчэ адной вельмі важнай фігурай Рамантызму Францыі была Жэрмэн дэ Сталь (1766–1817) — пісьменніца, літаратурны крытык, палітычны тэарэтык, якая была больш вядомая пад імем мадам дэ Сталь.
Мадам дэ Сталь шмат гадоў пражыла ў выгнанні: спачатку падчас панавання тэрору, а потым з-за асабістага праследавання з боку Напалеона, бо адной з першых пачала публічна асуджаць ягоны рэжым і тэрор.
Нягледзячы на тое, што яе грамадскі актывізм меў больш вырашальны ўплыў на распачатую рэканструкцыю, яе галоўныя літаратурныя творы таксама мелі вялікі ўплыў не толькі на Рамантызм, але і на палітыку грамадства.
Эпісталярны раман «Delphine \\ Дэльфіна» (1802) даследаваў межы жаночай свабоды ў арыстакратычным грамадстве. Кніга была дастаткова спрэчнай, каб Напалеон выслаў пісьменніцу з краіны, хаця яна сама адмаўлялася ад палітычных намераў.
Раман «Corinne ou l’Italie \\ Карынна, або Італія» (1807) зноў аспрэчваў межы свабоды жанчын, але яго галоўны ўплыў адбыўся на ўспрыманне французамі (і іншымі краінамі) Італіі: пасля выхаду гэтага рамана Італія пачала ўспрымацца як турыстычная краіна.
Трактат «De l’Allemagne \\ Пра Германію» (1810\1813) літаральна расплюшчыў вочы Францыі на Германію і яе культуру: дагэтуль французы не лічылі Германію дастаткова культурнай дзяржавай. Цікава, што першы тыраж 1810 года ў 10 000 асобнікаў Напалеон загадаў знішчыць, а наступны раз кніга выйшла толькі праз тры гады.
La bataille romantique \\ Рамантычная баталія (1820–1830)
Літаратурная рэвалюцыя, падрыхтаваная яшчэ ў XVIII стагоддзі, а потым абвешчаная Шатабрыянам і мадам дэ Сталь, тлела даволі доўга, бо пакуль існавала імперыя, літаратура была толькі афіцыйнай, як і ўсе астатнія праявы думкі.
Першыя прыметныя змены пачалі адбывацца ў 1815 годзе праз паэзію Альфонса дэ Ламарціні (1790–1869), а потым і шэрага іншых паэтаў і паэтак, якія абвясцілі своеасаблівае абуджэнне новага свету, пачаўшы пісаць пра шчырыя, сапраўдныя, моцныя пачуцці. Тады гэтая новая паэзія сутыкнулася са шматлікай негатыўнай крытыкай акадэмікаў, якія патрабавалі ад літаратуры прытрымлівання правіл і цанілі больш класічныя творы. Гэтае супрацьборства атрымала назву “Рамантычная баталія”, таму што выходзіла за рамкі літаратуры: французскія дзеячы літаратуры часта актыўна займаліся палітыкай.

Адным з вядомых паэтаў таго часу быў таксама і малады Віктор Гюго (1802–1885), які пачаў пісаць яшчэ падлеткам. Калі ў пачатку сваёй літаратурнай (у асноўным, паэтычнай) творчасці Гюго толькі паказваў рысы рамантыста, то п’еса «Cromwell», напісаная ім у 1827 годзе, зрабіла яго галоўным рухавіком Рамантызму.
Le règne du romantisme \\ Панаванне рамантызму (1830–1843)
У гэты перыяд квітнела не толькі французская паэзія, але і пачаў з’яўляцца раман. Так выйшлі першыя раманы Віктора Гюго — «Ган Ісландзец» (1823) і «Бюг-Жаргаль» (1826), у якіх прасочваліся элементы містыкі і гістарычнага раману, што характэрна для Рамантызму, але грамадства і акадэмікі іх раскрытыкавалі. Больш вядомым раманам пісьменніка ў той час стаў«Сабор Парыжскай Божай Маці» (1831).

Неўзабаве з’явіліся раманы Аляксандра Дзюма (бацькі): «Тры мушкецёры», «Дваццаць гадоў пасля», «Граф Монтэ-Крыста».

Але адной з самых вядомых фігур таго часу была Амандзіна Аўрора Люсіль Дзюпэн, якая пісала пад псеўданімам Жорж Санд. Ва ўзросце 27 гадоў Санд стала самай вядомай пісьменніцай Еўропы і заставалася надзвычай папулярнай на працягу ўсяго жыцця і доўга пасля смерці. Пра яе літаратурную дзейнасць добра выказваліся Гюго, Бальзак, Флабэр, Стэндаль і інш. У 1880 годзе яе дзеці прадалі правы на яе літаратурную маёмасць за 125 000 франкаў (што было як 1,3 мільёнаў долараў на 2015 год).
Рэалізм
Недзе раней, недзе пазней, але ўжо пасля першай паловы XIX стагоддзя Рамантызм паступова стаў выцясняцца Рэалізмам. Аднак нягледзячы на з’яўленне вялікай колькасці твораў новай эпохі, Рамантызм працягваў уплываць на форму, стыль і мову літаратуры.
Што адбывалася з беларускай літаратурай у гэты час?
Трэба згадаць, што ў гэты час, пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793 і 1795 гады), беларускія землі адышлі да Расійскай імперыі, у складзе якой яны знаходзіліся да 1917 года.
Нягледзячы на гэтыя падзелы, вайну 1812 года і паўстанне 1830–1831 гадоў, эпоха Рамантызму дайшла і да беларускіх зямель, дзе пачалося адраджэнне нацыянальнай культуры. Асноўнымі дзеячамі гэтага часу з’яўляліся Ян Чачот (1796–1847), Ян Баршчэўскі (1796–1851), Аляксандр Рыпінскі (1809–1886), Уладзіслаў Сыракомля (1823–1862), Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1808–1884), Адам Плуг (1823–1903), якія друкаваліся пераважна па-польску, але пісалі і на беларускай мове, вывучалі і збіралі беларускі фальклор.
Так, напрыклад, Ян Чачот сабраў каля тысячы аўтэнтычных беларускіх народных песень, якія потым пераклаў на польскую.
Ян Баршчэўскі лічыцца адным з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры. Найбольш вядомы твор — «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях».
Аляксандр Рыпінскі ў 1840 годзе выдаў асобнай кнігай фалькларыстычна-этнаграфічнае даследаванне «Беларусь», дзе сістэматызаваў беларускую народную вусную творчасць паводле жанраў і тэматыкі.
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч лічыцца заснавальнікам нацыянальнай драматургіі, тэатра, першым класікам новай беларускай літаратуры. Пісаў і па-беларуску, і па-польску.